САЦЫЯ́ЛЬНАЯ СТРАТЫФІКА́ЦЫЯ,

дыферэнцыяцыя людзей, іх груп на сацыяльна няроўныя страты (слаі) у залежнасці ад узроўню даходаў, адукацыі, прафесіі, прэстыжу, удзелу ва ўладных структурах і інш. Дазваляе праводзіць адрозненне паміж тыпамі і формамі сац. няроўнасці, увасобленай у класавай, каставай, саслоўнай структуры грамадства. Тэрмін «С.с.» увёў П.​А.​Сарокін. Адметныя асаблівасці С.с.: дыферэнцыяцыя людзей у іерархічна аформленыя групы, г.зн. вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя класы, слаі, страты грамадства; падзел людзей на прывілеяваную меншасць (знаць, багатыя, паліт. эліта і інш.) і ўшчэмленую ў якіх-н. адносінах большасць (бедныя, што не маюць дачынення да ўладных структур і інш.). У працэсе жыццядзейнасці грамадства сац. страты ўвесь час мяняюцца і развіваюцца. У выніку ўзнікае мабільнасць сацыяльная, якая звязана са зменай індывідам ці групай месца ў сац. структуры грамадства, перамяшчэннем іх з аднаго сац. становішча ў іншае.

Літ.:

Бабосов ЕМ. Трансформация социальной структуры Беларуси в процессе становления ее государственности // Беларусь на шляху дэмакратызацыі. Мн., 1996;

Гидденс Э. Стратификаиия и классовая структура // Гидденс Э. Социология: Пер. с англ. М., 1999;

Сорокин П.А. Социальная стратификация // Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)